Рус
Eng
Бел

Прыёмная райвыканкама

Адрас райвыканкама:
213010, г. Шклоў, вул. Ленiнская, 76
Тэлефон/факс прыёмнай:
8 (02239) 7-81-15
E-mail: rik@shklov.gov.by

Галоўная Навiны Рэспублiкi

Рэспублiкi

18 жніўня 2021

Закон аб урэгуляванні неплацежаздольнасці павінен быць прыняты да канца 2021 года і з 1 студзеня ўступіць у сілу

Закон аб урэгуляванні неплацежаздольнасці, праект якога абмяркоўваўся сёння на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, павінен быць прыняты да канца 2021 года і з 1 студзеня наступнага года ўступіць у сілу. Такія тэрміны абазначыў кіраўнік дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Праект дакумента быў прадметна абмеркаваны з улікам меркаванняў бакоў і будзе яшчэ дапрацаваны да ўнясення ў парламент. Аляксандр Лукашэнка прынцыпова адзначыў, што нарматыўны прававы акт у выніку павінен быць празрыстым і ў ім не трэба нічога ўскладняць.

Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў у размове з журналістамі канстатаваў, што праект закона даволі складаны, паколькі ён закранае інтарэсы канкрэтных калектываў і прадпрыемстваў. "Пытанні неплацежаздольнасці дастаткова актуальныя і вельмі значныя непасрэдна для работнікаў, тэрыторый і гэтак далей, - адзначыў міністр. - Таму кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэты закон павінен быць узмоцнены пытаннямі ўдзелу мясцовых органаў улады і органаў дзяржкіравання пры прыняцці рашэнняў па аздараўленні".

Кіраўнік Мінэканомікі падкрэсліў, што галоўная задача - не дапускаць сітуацыі, калі прадпрыемствы будуць пераходзіць да працэдуры судовых разбораў і банкруцтва. "Галоўны ўпор неабходна зрабіць на дасудовае аздараўленне, прыняцце мер для таго, каб прадпрыемствы не ўваходзілі ў працэдуру банкруцтва. У самыя кароткія тэрміны праект закона павінен быць дапрацаваны з улікам тых задач, якія паставіў кіраўнік дзяржавы, - узмацніць ролю мясцовых органаў улады", - заявіў Аляксандр Чарвякоў.

Ён растлумачыў, што вялікая нагрузка ў гэтым плане будзе на органах дзяржкіравання, якім падведамасна тое ці іншае прадпрыемства, а на месцах - на камісіях па фінансавым аздараўленні. Гэта адзін з інструментаў работы. Яшчэ адзін - узмацненне маніторынгу фінансавага стану прадпрыемстваў. "Мы не павінны дапускаць той сітуацыі, калі прадпрыемства ўжо стала неплацежаздольным. Таму кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што неабходна працаваць на апярэджанне", - падкрэсліў міністр.

Аляксандр Чарвякоў удакладніў, што размова ідзе не толькі аб дзяржаўным сектары эканомікі. Скарыстацца прапануемымі ў праекце ўказа механізмамі змогуць і прыватныя прадпрыемствы. "Калі дапамога патрэбна, то, вядома, прыватны ўласнік, прадпрыемства могуць звярнуцца ў камісію для таго, каб дапамагчы разабрацца з існуючымі праблемамі. Тут мы не адрозніваем - прыватныя, дзяржаўныя - работа ў тым, каб усе прадпрыемствы мелі фінансавы стан, які даваў бы ім магчымасць эфектыўна працаваць", - запэўніў ён.

Міністр растлумачыў, што фінансавае аздараўленне ў кожным канкрэтным выпадку прадугледжвае свае механізмы і інструменты, паколькі прадпрыемствы трапляюць у складаную сітуацыю па розных прычынах: "Недзе трэба вырашаць пытанні з падаткамі, недзе пытанні крэдытнай нагрузкі, недзе - з кадрамі. У кожным выпадку гэта свой план фінансавага аздараўлення".

Аляксандр Чарвякоў заўважыў, што ў большай ступені цяпер хвалюе сітуацыя з прыватным бізнесам, сярэднім у тым ліку. Ён прывёў даныя, што ў працэдурах аздараўлення знаходзяцца амаль 1,6 тыс. прадпрыемстваў, але з дзяржсектара толькі каля 150 прадпрыемстваў.

Міністр чарговы раз падкрэсліў, што на ўзроўні міністэрства і ўрада ў цэлым выпрацоўваюцца меры, каб нівеліраваць уплыў як санкцый адносна шэрага беларускіх арганізацый і прадпрыемстваў, так і ўздзеянне пандэміі, негатыўных фактараў на знешніх рынках. "Ніхто не адмяняў уплыў ні санкцый, ні пандэміі. Вядома, яны ўплываюць. Але галоўная задача, якую паставіў кіраўнік дзяржавы, - мінімізаваць гэты ўплыў. Над гэтым мы працуем. Урад накіроўвае ўсе намаганні, каб людзі не адчулі ўплыў ні санкцый, ні пандэміі", - заявіў Аляксандр Чарвякоў.

Як паведамлялася БЕЛТА, каля года таму на ўзроўні кіраўніка дзяржавы разглядаўся законапраект "Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці". Тады ўраду было даручана змяніць ідэалогію гэтага дакумента: адысці ад банкруцтва да рэабілітацыі праблемных прадпрыемстваў. Таксама змянілася канцэпцыя законапраекта - акцэнт зроблены на абароне арганізацый ад шокаў, выкліканых неспрыяльнымі знешнімі фактарамі. "Пры гэтым хачу сказаць, што пераадоленне гэтых шокавых бар'ераў - перш за ўсё клопат працоўных калектываў і кіраўнікоў гэтых працоўных калектываў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка на праведзенай нарадзе.

"Акрамя таго, прадугледжана, што будзем адыходзіць ад судовага суправаджэння ўсіх этапаў разгляду спраў аб эканамічнай неплацежаздольнасці. Мною было даручана не перагружаць суды неўласцівымі пытаннямі, таму што завалілі суды рознымі праблемамі эканамічнага характару, спрэчнымі пытаннямі, звязанымі з эканомікай. Раней гэтыя пытанні вырашаліся ў мясцовых органах улады, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Каардынуючая роля ў пытаннях фінансавага аздараўлення канчаткова будзе сканцэнтравана ва ўрадзе, галіновых органах улады і выканкамах".

Прэзідэнт не выключыў, што частку пытанняў усё ж трэба будзе пакінуць на разгляд судоў. Але яны, дадаў Аляксандр Лукашэнка, ужо будуць апошняй інстанцыяй.-0-

Iнтэрнэт - рэсурсы