Рэспублiкi
Пажарна-прафілактычная акцыя "За бяспеку разам!" стартавала ў Беларусі
16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканская прафілактычная акцыя па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллі "За бяспеку разам!" стартавала ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў МНС.
Прадоўжацца мерапрыемствы да 2 лістапада. "Акцэнт пры правядзенні акцыі робіцца на дапамозе адзінокім пажылым грамадзянам, інвалідам, сем'ям з дзецьмі ў сацыяльна небяспечным становішчы. Мэта - павысіць узровень абароненасці жылля ад пажараў", - адзначылі ў МНС.
Як падкрэслілі ў ведамстве, згодна з заканадаўствам адказнасць за выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў прыватных дамах ускладзена на іх уласнікаў. Ратавальнікі нагадваюць, што будзе нялішнім устанавіць аўтаномныя пажарныя паведамляльнікі і праверыць іх працаздольнасць, калі яны ўжо ўстаноўлены. Карысным будзе і прасачыць за спраўнасцю абагравальнага абсталявання і электраправодкі.
Да акцыі далучыліся Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства энергетыкі.-0-