Рус
Eng
Бел

Прыёмная райвыканкама

Адрас райвыканкама:
213010, г. Шклоў, вул. Ленiнская, 76
Тэлефон/факс прыёмнай:
8 (02239) 7-81-15
E-mail: rik@shklov.gov.by

Галоўная Навiны Рэспублiкi

Рэспублiкi

5 снежня 2016

Качанава: у спорце важна знайсці таленавітых дзяцей і не страціць іх потым

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У спорце важна знайсці таленавітых дзяцей і не страціць іх потым. Аб гэтым заявіла намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Качанава ў ходзе пасяджэння савета дырэктараў сярэдніх школ - вучылішч алімпійскага рэзерву, якое прайшло 3 снежня ў Плешчаніцах Мінскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства спорту і турызму.

У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся вынікі работы вучылішч у 2016 годзе і вызначаліся асноўныя задачы на наступны год.

"Вельмі важна не толькі знайсці таленавітых дзяцей, падрыхтаваць, выхаваць іх, але і не страціць потым пры пераходзе ў дарослы спорт. Сёння вучылішчы займаюць важнае месца ў падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву, з'яўляючыся той самай базай, дзе выхоўваюцца будучыя члены нацыянальных каманд і будучыя чэмпіёны. Вельмі паказальна, што з 12 спартсменаў, якія заваявалі медалі на Гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра, 10 - выпускнікі вучылішч алімпійскага рэзерву", - адзначыла Наталля Качанава.

Паводле яе ацэнкі, ва ўсіх вучылішчах створана добрая вучэбна-матэрыяльная база, якая дае магчымасць весці якаснае навучанне і паўнацэнную падрыхтоўку спартсменаў юнацкага і юніёрскага ўзростаў.

"Гэтыя хлопцы і дзяўчаты рэгулярна паказваюць высокія рэзультаты на афіцыйных стартах, заваёўваюць узнагароды на міжнародных спаборніцтвах. Аднак пры пераходзе ў дарослы спорт некаторых з іх мы чамусьці страчваем. Нехта аказваецца псіхалагічна і фізічна не гатовы да павышаных патрабаванняў, нагрузак і велізарнай адказнасці, у кагосьці не складваюцца адносіны з трэнерамі, некаторыя проста пакідаюць спорт. Наша задача - даць маладым людзям пуцёўку ў дарослае жыццё, падрыхтаваць іх да новых выпрабаванняў, захаваць для айчыннага спорту", - падкрэсліла Наталля Качанава.

На яе думку, важную ролю ў гэтым працэсе павінна адыгрываць не толькі Міністэрства спорту і турызму, але і рэгіянальныя ўлады, федэрацыі па відах спорту.

У якасці станоўчых прыкладаў віцэ-прэм'ер прывяла работу федэрацый лёгкай атлетыкі і біятлона, кіраўніцтва якіх пастаянна і сістэмна ўдзельнічае ў адборы таленавітых дзяцей, іх падрыхтоўцы, падтрымлівае цесны кантакт з вучылішчамі алімпійскага рэзерву, аказвае дапамогу ў аснашчэнні сучасным абсталяваннем і інвентаром.

"Вельмі важна не распыляць намаганні, кадры і сродкі, а правесці аптымізацыю падрыхтоўкі рэзерву. У кожным вучылішчы павінна быць свая спецыялізацыя, не трэба гнацца за багаццем культываваных відаў спорту. У цяперашніх умовах як ніколі неабходна беражліва, рацыянальна і эфектыўна выкарыстоўваць кожны выдзелены з бюджэту рубель", - сказала Наталля Качанава.

На думку віцэ-прэм'ера, праблемы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву цесна звязаны з узроўнем кваліфікацыі трэнераў, якія працуюць з маладымі спартсменамі, а яшчэ раней - настаўнікаў фізкультуры ў звычайных школах.

Важна наладзіць сістэму падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі гэтых спецыялістаў, нацэльваючы іх на набыццё новых ведаў, авалоданне сучаснымі методыкамі і інавацыйнымі тэхналогіямі.

"Працуючы з дзецьмі, трэба быць і педагогам, і псіхолагам, і сапраўдным профі ў сваёй справе, разбірацца ў камп'ютарнай тэхніцы, але галоўнае - быць аўтарытэтам для маладых людзей, а гэтага можна дасягнуць, толькі працуючы над сабой", - падкрэсліла намеснік прэм'ер-міністра.

У абмеркаванні парадку дня пасяджэння савета прынялі ўдзел міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, яго намеснік Аляксандр Дубкоўскі, дырэктар Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Леанід Малашанка, дырэктар Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Валерый Гушчын, дырэктар Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Васіль Жаранкоў.

Выступілі таксама намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Таццяна Хальчыцкая, дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Дзяніс Мужухін.

У ходзе візіту ў Плешчаніцкую дзяржаўную абласную сярэднюю школу - вучылішча алімпійскага рэзерву Наталля Качанава азнаёмілася з базай навучальнай установы, сустрэлася з кіраўніцтвам, выкладчыкамі, трэнерамі і навучэнцамі.

Віцэ-прэм'ер наведала вучэбныя аўдыторыі, медпункт, бібліятэку, сталовую, паназірала за заняткамі барцоў.

У музеі Наталля Іванаўна пакінула запіс у Кнізе пачэсных гасцей, пажадаўшы вучылішчу далейшых поспехаў у падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву на славу Беларусі.

У Беларусі цяпер функцыянуюць 11 вучылішч алімпійскага рэзерву, 3 з іх маюць паўнацэнныя філіялы. У гэтых установах арганізаваны адукацыйны працэс для 3 тыс. лепшых спартсменаў юнацкага і юніёрскага ўзростаў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку да юнацкіх Алімпійскіх гульняў, пяршынстваў свету і Еўропы.

1 172 спартсмены ўключаны ў спісачныя склады нацыянальных і зборных каманд Рэспублікі Беларусь па відах спорту. 43 чалавекі з'яўляюцца майстрамі спорту міжнароднага класа, 469 - майстрамі спорту, 1 135 - кандыдатамі ў майстры спорту, 1 154 - прысвоены I спартыўны разрад.

На афіцыйных міжнародных спаборніцтвах у 2016 годзе навучэнцамі ВАР заваявана 35 залатых, 40 сярэбраных і 37 бронзавых медалёў.

У вучылішчах ажыццяўляецца развіццё 41 віду спорту, з якіх 39 уключаны ў праграму Алімпійскіх гульняў.-0-

Навіны Беларусі

Iнтэрнэт - рэсурсы