Рус
Eng
Бел

Прыёмная райвыканкама

Адрас райвыканкама:
213010, г. Шклоў, вул. Ленiнская, 76
Тэлефон/факс прыёмнай:
8 (02239) 7-81-15
E-mail: rik@shklov.gov.by

Рэгiёна

30 снежня 2021

Ісачанка: акцыя "Нашы дзеці" стала традыцыяй і добрым брэндам

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка павіншаваў пацыентаў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы з навагоднімі і каляднымі святамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У першую чаргу губернатар наведаў чырвоную зону, дзе лечаць дзяцей з вірусна-рэспіраторнымі інфекцыямі. Ён азнаёміўся з умовамі знаходжання маленькіх пацыентаў і ўручыў ім салодкія падарункі. "Калі прыходзіш да дзяцей, тым больш напярэдадні такога свята, настрой заўсёды добры, - сказаў Анатоль Ісачанка. - У чырвонай зоне я паразмаўляў з хлопчыкамі і дзяўчынкамі і іх бацькамі, паглядзеў, наколькі яны забяспечаны медыкаментамі і як медперсанал спраўляецца са сваімі абавязкамі. Нягледзячы на тое, што гэта лячэбная ўстанова, пацыентам тут павінна быць максімальна камфортна. У Магілёўскай вобласці і ў абласной дзіцячай бальніцы зроблена ўсё неабходнае, каб дзеці выздараўлівалі як мага хутчэй. Сярэдняя працягласць знаходжання дзіцяці ў стацыянары складае прыкладна 7-8 дзён. На жаль, хвароба ёсць і нікуды не сышла, але нашы медыцынскія работнікі з ёй спраўляюцца дзякуючы існуючым магчымасцям і напрацаванаму вопыту".

Другой часткай наведвання стаў дабрачынны паказ "Навагодні перапалох", які правялі ў сценах бальніцы навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Гледачамі сталі амаль 100 хлопчыкаў і дзяўчынак, многія з якіх былі разам са сваімі бацькамі. Анатоль Ісачанка таксама сустрэўся з маленькімі пацыентамі, цёпла і сардэчна павіншаваў іх і бацькоў з надыходзячымі зімовымі святамі і ўручыў салодкія навагоднія падарункі.

"У краіне праходзіць рэспубліканская дабрачынная акцыя "Нашы дзеці", якая стала ўжо традыцыяй і добрым брэндам, - адзначыў старшыня аблвыканкама. - Дзеці і мы, дарослыя, верым у дабро, казку і ўсё самае лепшае. Няхай напярэдадні Новага года гэта абавязкова здарыцца. Сёння мы знаходзімся ў абласной дзіцячай бальніцы, таму што дзеткі, на жаль, захварэлі. Хочацца пажадаць, каб яны сустрэлі надыходзячыя святы дома і правялі іх разам з роднымі, блізкімі і сябрамі. Жадаю дзецям навагодніх цудаў, бацькам - радасці ў сваіх дзецях, а медперсаналу - менш работы і хворых".

Сярод гледачоў на сённяшнім паказе - маці Вераніка Бегунова і яе 4-гадовая дачка Сафія. Яны трапілі ў бальніцу на наступны дзень пасля дня нараджэння дзяўчынкі, 25 снежня. У дзіцяці тыдзень трымалася высокая тэмпература, і збіць яе самастойна ніяк не атрымлівалася. Сям'я вельмі спадзяецца, што сустрэне Новы год дома. "Шчыра кажучы, мы не чакалі такога добрага свята і віншавання, - расказала Вераніка Бегунова. - Учора ў нас быў ранішнік у дзіцячым садзе, і мы вельмі засмуціліся, што на яго не трапілі. Калі б ведалі, што тут таксама будзе свята, узялі б святочную сукенку з сабой. Вельмі прыемна, што нашых дзетак не пакінулі без увагі - гэта заслугоўвае вялікай удзячнасці. Усё роўна і вялікія, і маленькія заўсёды чакаюць гэтага свята".

Галоўны ўрач медустановы Ігар Каско ўпэўнены, што ад такой чароўнай тэрапіі дзеці выздараўліваюць значна хутчэй. "Падарункі, музыка, смех і добрыя эмоцыі заўсёды толькі на карысць здароўю, - падкрэсліў ён. - Любая хвароба адступіць у адну секунду, як толькі станоўчыя эмоцыі прыйдуць у душу любога чалавека, а тым больш дзіцяці. Справа ў тым, што з навагоднімі святамі дзяцей у сценах бальніцы павіншуюць шмат розных гасцей, таму ўсе дзеці атрымаюць навагоднія падарункі. Цяпер у нас на шпіталізацыі знаходзіцца каля 400 хлопчыкаў і дзяўчынак".

Ігар Каско ўдакладніў: цяпер дзеці больш хварэюць на сезонныя рэспіраторныяі інфекцыі, а не на каранавірус. У дзіцячай бальніцы такіх пацыентаў усяго трое з 14 хворых на COVID-19 па рэгіёне. Усе яны знаходзяцца ў стабільным стане. Урач, як дзеці і іх бацькі, вельмі спадзяецца, што да Новага года ўсе паедуць дадому.

У шматпрофільным дзіцячым стацыянары на 610 ложкаў Магілёўскай абласной бальніцы працуе 14 спецыялізаваных аддзяленняў, кансультатыўная паліклініка і філіял абласнога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей псіханеўралагічнага профілю. Штогод ва ўстанове аховы здароўя атрымліваюць стацыянарнае лячэнне больш за 20 тыс. дзяцей і падлеткаў, звыш 60 тыс. дзяцей аказваецца кансультатыўная дапамога, выконваецца каля 6 тыс. аперацыйных умяшанняў.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Iнтэрнэт - рэсурсы