Вялікая нарада па прамысловасці. Чаго патрабуе і на чым акцэнтуе ўвагу Лукашэнка
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці сабраў вялікую нараду на тэму стану і задач развіцця прамысловасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Агульная колькасць удзельнікаў мерапрыемства набліжаецца да трох соцень чалавек. Сярод іх вышэйшыя службовыя асобы, члены ўрада, старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі прамысловых арганізацый, банкаў, навуковых цэнтраў, кіраўнікі адміністрацый свабодных эканамічных зон.
Гэта нарада ў графіку кіраўніка дзяржавы была чаканай і рыхтавалася даўно. Кіраўнік дзяржавы даручаў дадаткова пашырыць і ўзмацніць фармат мерапрыемства - так, каб як па складзе ўзнімаемых пытанняў, так і па прадстаўленасці ўдзельнікаў размова аб развіцці адной з важнейшых галін краіны была фундаментальнай.
"Як мы і дамаўляліся на заводзе "БЕЛДЖЫ", давайце правядзём нашу рабочую нараду. Абмяркуем перспектывы развіцця, а таксама пытанні якасці выпускаемай прадукцыі. За гэты няпросты час зроблены пэўныя крокі. На некаторыя ключавыя пазіцыі прыйшлі ўжо новыя людзі, прыняты шэраг рашэнняў. Цяпер трэба абмеркаваць, як будзем рухацца далей. І на ўзроўні стратэгіі, і на ўзроўні тактыкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка ў пачатку нарады.
Ён нагадаў, што па выніках мінулага года адбыўся шэраг нарад, пачынаючы ад сілавога блока. "Сёння мы сустракаемся з вамі - кіраўнікамі буйных прамысловых асноўных прадпрыемстваў. У бліжэйшыя дні сустрэнемся з аграрыямі і з імі пагаворым, абмяркуем тыя праблемы, якія перад імі стаяць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
ПЕРШАЕ. ВЫТВОРЧАСЦЬ
"Галоўнае пытанне - рэалізаваць прадукцыю і атрымаць грошы"
Паводле інфармацыі ўрада, у цэлым Міністэрства прамысловасці апошнія некалькі гадоў забяспечвае стабільны рост аб'ёмаў вытворчасці.
"За тры гады прыраслі амаль на 40 працэнтаў. Ёсць вынік і ў мінулым годзе. Прамысловай прадукцыі выраблена амаль на Br30 млрд, тэмп росту - амаль 113 працэнтаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, назіраецца значнае павелічэнне выпуску электронікі, легкавых і грузавых аўтамабіляў, камбайнаў. Прадпрыемствы "Планар", "ІНТЭГРАЛ" і "БелОМА" поўнасцю сфарміравалі партфель экспартных заказаў на бягучы год і часткова на 2025-ы.
"Але што з іншымі прамысловымі гігантамі? Чаму скараціліся аб'ёмы выпуску халадзільнікаў, трактароў, пагрузчыкаў, рухавікоў? Больш як на чвэрць прасеў "Бабруйскаграмаш". Толькі на 12 працэнтаў у 2023 годзе быў загружаны Мінскі падшыпнікавы завод, - заўважыў Прэзідэнт. - Мы маем шматгадовы вопыт работы ў станкабудаванні - важнейшай галіне ў любой індустрыяльнай эканоміцы. А сёння якая сітуацыя тут? Дзе выкарыстанне сучасных тэхналогій, такіх як штучны інтэлект, рабатызацыя? А менавіта ж яны забяспечваюць высокую дакладнасць і прадукцыйнасць у апрацоўцы матэрыялаў, эканомію рэсурсаў, зніжэнне затрат і якасць прадукцыі".
"Усяго гэтага няма. Але што самае сумнае, няма бачання перспектывы. Таму я чакаю ад вас канкрэтных прапаноў, як будзем выпраўляць сітуацыю", - абазначыў адну з задач кіраўнік дзяржавы.
ДРУГОЕ. РЭАЛІЗАЦЫЯ ПРАДУКЦЫІ
"Вырабіць добра. Гэта мы неяк умеем. Якасна, няякасна, дорага, танна - вырабілі. Але галоўнае пытанне - рэалізаваць прадукцыю і атрымаць грошы", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
У апошнія гады знешні гандаль арганізацый Мінпрама характарызаваўся, з аднаго боку, ростам экспартных паставак, з іншага - вымушаным пакіданнем заходніх рынкаў. У 2023 годзе галіна выдала рэкордны за апошняе дзесяцігоддзе экспарт - $6,5 млрд. Прырост да ўзроўню 2022 года - амаль паўмільярда, або каля 8 працэнтаў.
Прычым экспарт стабільна павялічваецца тры гады запар. Значыць, прамысловасць змагла нівеліраваць негатыўныя тэндэнцыі 2019-2020 гадоў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"У Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, Азіі сёння велізарны попыт на прамысловую прадукцыю"
Пастаўкі пераарыентаваны на рынкі дружалюбных краін. У першую чаргу на традыцыйны рынак брацкай Расіі і іншых дзяржаў СНД.
"Аднак па далёкім замежжы сітуацыя значна горшая. Аб'ём продажаў склаў менш як 20 працэнтаў адносна дасанкцыйнага 2021 года. Не выкананы планы па экспарце ў дружалюбныя краіны далёкай дугі. У Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, Азіі сёння вялікі попыт на прамысловую прадукцыю. Тут трэба сур'ёзна працаваць і займаць свае нішы. І перш за ўсё на Афрыканскім кантыненце", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што харчовая бяспека - адно з самых жыццёва важных для Афрыкі пытанняў. Таму там асабліва запатрабаваны сельскагаспадарчая тэхніка і абсталяванне.
"Чаму пасля ўсіх праведзеных перагавораў на вышэйшым узроўні мы не працуем з Экватарыяльнай Гвінеяй? Відавочна ж, трэба ісці далей, пашыраць супрацоўніцтва. І разумець, што наша стратэгічная задача - стварэнне сумесных зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі ў апорных краінах. Ключавая мэта сёння - дыверсіфікацыя экспарту. Усё, што патрабуецца ад мяне для гэтага, прымаецца неадкладна. Створаны неабходныя ўмовы, і вам трэба як мага актыўней выкарыстоўваць меры фінансавай падтрымкі беларускага экспарту", - запатрабаваў Прэзідэнт.
"Трэба закасаць рукавы і працаваць на расійскім рынку"
Нягледзячы на тое, што больш за 90 працэнтаў прадукцыі ідзе на рынак Расіі, беларускія вытворцы страчваюць там пазіцыі па традыцыйных таварах, якія заўсёды карысталіся попытам за свае якасць і надзейнасць.
"Мне дакладваюць, што сёння айчынная прадукцыя ўступае аналагам як па цане, так і па якасці. Па цане яшчэ вытлумачальна. Але чаму па якасці? Экспарт беларускіх трактароў у 2023 годзе скараціўся на 18 працэнтаў. Доля нашых трактароў у расійскім імпарце знізілася да мінімальных за апошняе дзесяцігоддзе 10,5 працэнта, грузавых аўтамабіляў - да 6 працэнтаў", - прывёў даныя статыстыкі Аляксандр Лукашэнка.
Тыя ж пагражальныя тэндэнцыі, паводле яго слоў, складваюцца і на "Атланце". Аб'ёмы экспарту халадзільнікаў і маразільнікаў, яшчэ ўчора запатрабаваных, скараціліся амаль у два разы.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў сваім штогадовым Пасланні Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін анансаваў, што да 2030 года суб'екты федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта прадугледжаны. "Задача беларускай прамысловасці - падключыцца і забяспечыць не менш як 30 працэнтаў патрэбных аб'ёмаў. Гэта наша ніша. Трэба толькі закасаць рукавы і працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Унутраны рынак аддаём канкурэнтам. За гэта ўрад адкажа галавой"
"Вельмі негатыўная тэндэнцыя - унутраны рынак аддаём канкурэнтам. За гэта ўрад адкажа галавой. Нягледзячы на наяўнасць шырокай лінейкі айчыннай тэхнікі, да гэтага часу закупляем імпартныя аналагі. І гэта не адзінкавыя выпадкі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
У мінулым годзе толькі трактароў набылі больш за тысячу адзінак. На гэта было затрачана амаль $40 млн.
"Праводзім мадэрнізацыю падшыпнікавага завода. Якасць прадукцыі сёння супастаўная з прадукцыяй сусветных лідараў. Аднак высокія затраты на вытворчасць не дазваляюць канкурыраваць па цане ў тэндарных закупках нават на канвееры беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Ці толькі справа ў тэндары? Забываем простую ісціну: скупы плаціць двойчы. Можна сэканоміць капейкі на кошце падшыпніка і страціць тысячы ад прастою тэхнікі з-за яго замены", - заўважыў Прэзідэнт.
"За шырмай дылераў схавацца не атрымаецца"
Яшчэ адна праблема - рост складскіх запасаў. За 2023 год яны выраслі амаль на чвэрць, або на Br350 млн. "А колькі тэхнікі знаходзіцца на пляцоўках у дылераў, якія для многіх сталі дадатковым складам за мяжой? За гэту шырму чарговы раз нікому схавацца не атрымаецца", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў у прыклад МТЗ: на складах яго гандлёвых дамоў - амаль 6,5 тыс. адзінак тэхнікі, а гэта больш як двухмесячны аб'ём вытворчасці. "Вось і "аб'ёмы" вытворчасці, і ваш "экспарт", - адзначыў ён.
Пры гэтым, паводле інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю, значная колькасць суб'ектаў тавараправодных сетак увогуле не прымаюць удзелу ў рэалізацыі прадукцыі, а яе кошт пры продажах праз іх значна ўзрастае. "Навошта вы іх тады стваралі? Каго кормім там?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.
Так, пры рэалізацыі ў Расію па схеме "вытворца - генеральны імпарцёр - дыстрыб'ютар - дылер - канчатковы спажывец" кошт франтальных пагрузчыкаў "АМКАДОР" павялічваецца ў цане больш як на 50 працэнтаў, грузавой і пасажырскай тэхнікі МАЗ - на 20 працэнтаў. "Ну і як тут канкурыраваць?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Што рабіць, увогуле зразумела. Чаму тармозім? Чаму не робім?"
Таксама не выкананы патрабаванні Прэзідэнта па скарачэнні знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці. За 2023 год яна вырасла больш як на 10 працэнтаў, а гэта ж маглі быць абаротныя сродкі і інвестыцыі.
"Які агульны вынік? Перш за ўсё спад якасных паказчыкаў развіцця прадпрыемстваў. Рэнтабельнасць недацягвае да ўзроўню 2022 года. Растуць колькасць стратных арганізацый і сумы страт. Мы маем складаную лагістыку і рост кошту імпартнай сыравіны. Разбурэнне кааперацыйных сувязей з заходнімі пастаўшчыкамі прывяло да неабходнасці пошуку альтэрнатыўных партнёраў або наладжвання ўласнай вытворчасці камплектуючых. У тым ліку паскоранай распрацоўкі і ўкаранення новых тэхнічных рашэнняў. Што рабіць, увогуле зразумела. Чаму тармозім? Чаму не робім?" - спытаў беларускі лідар.
ТРЭЦЯЕ. ІМПАРТАЗАМЯШЧЭННЕ
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі могуць ствараць канкурэнтаздольную тэхніку з выкарыстаннем айчынных матэрыялаў і камплектуючых. Аднак, паводле яго слоў, па шэрагу напрамкаў абнаўленне прадукцыі і вытворчасцей ідзе вельмі марудна.
"Трэба выбудаваць надзейную абарону ад любых знешніх фактараў"
"Кожная крытычная пазіцыя паказвае нашы слабыя месцы. Менавіта па іх канкурэнты потым б'юць санкцыямі, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Неабходна прыняць меры па забеспячэнні максімальнай тэхналагічнай незалежнасці і стварэнні ўмоў для ўстойлівай работы эканомікі, якая не залежыць ні ад якіх санкцый. І гэта стратэгічная задача для нашага прамысловага комплексу".
"Трэба выбудаваць надзейную абарону ад любых знешніх фактараў - яшчэ адна задача для ўсіх. Вось чаму так жыццёва важна імпартазамяшчэнне, якім трэба займацца пастаянна", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Гэта задача, паводле яго слоў, - прыярытэт прыярытэтаў. І хоць пра гэта шмат гаворыцца, але варта прызнаць, што разварот прамысловасці ў гэтым напрамку адбываецца вельмі марудна. Доля імпартнага складніка ў беларускай прадукцыі па-ранейшаму высокая.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў па ўсіх напрамках распрацаваць стратэгіі па павышэнні ўзроўню лакалізацыі: "Давядзіце да кожнага напружаныя заданні і забяспечце іх рэалізацыю".
"Стварэнне айчыннага софту павінна стаць першачарговай задачай для нашых распрацоўшчыкаў"
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на рызыкі, якія нясе залежнасць ад замежнага абсталявання і праграмнага забеспячэння. "Таму стварэнне айчыннага софту і яго ўкараненне павінны стаць безумоўнай першачарговай задачай для нашых распрацоўшчыкаў. Пакуль па гэтым напрамку наогул нічога не робіцца. Як карысталіся заходнім праграмным забеспячэннем, так і прадаўжаем", - крытычна заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Асноўная маса цяперашніх праектаў датычыцца мадэрнізацыі прамысловых гігантаў, якія былі захаваны з часоў Савецкага Саюза (МАЗ, МТЗ, БЕЛАЗ). "Гэта добра, але нам неабходна стварыць абсалютна новыя, перадавыя вытворчасці, якія выпускаюць інавацыйныя прадукты", - арыентаваў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым ён паставіў задачу ўзмацніць інтэграцыю прамысловасці з навукай, развіваць высокатэхналагічныя галіны, вытворчасць вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры.
"Праекты па дасягненні тэхналагічнага суверэнітэту павінны стаць маторам абнаўлення нашай прамысловасці"
У гэтых умовах, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, асаблівую важнасць набывае рэалізацыя праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, сумесных імпартазамяшчальных праектаў, якія ствараюць аснову тэхналагічнага суверэнітэту і эканамічнай бяспекі.
Аднак да якаснай мадэрнізацыі галіны аказаліся не гатовыя ні Міністэрства прамысловасці, ні прадпрыемствы, канстатаваў Прэзідэнт. "Да нядаўняга часу не было ні праектаў, ні ідэй (сумняваюся, што яны ёсць і цяпер). Разварушыліся, работа быццам пайшла, хоць тэмпы яўна патрабуюць паскарэння", - сказаў ён.
"Няўжо незразумела: будзем тармазіць і плесціся ў хвасце, як я гаварыў, - нас затопчуць, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Вам далі ўсе неабходныя інструменты па фінансаванні праектаў, прадаставілі паўнамоцтвы для прыняцця аператыўных рашэнняў. Што яшчэ трэба?"
"Праекты па дасягненні тэхналагічнага суверэнітэту павінны стаць маторам абнаўлення нашай прамысловасці, дапамагчы ўсёй эканоміцы выйсці на перадавы ўзровень эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Перад урадам Прэзідэнт паставіў задачу прапрацаваць і сфарміраваць доўгатэрміновы, як мінімум да канца гэтага дзесяцігоддзя, заказ ад расійскіх партнёраў на высокатэхналагічную прадукцыю: "Каб нашы прадпрыемствы разумелі, па якіх правілах ім працаваць у Расіі".
ЧАЦВЁРТАЕ. ДЫСЦЫПЛІНА
"Мы зноў вяртаемся да пытанняў выканальніцкай дысцыпліны, дакладней да яе адсутнасці і слабага кантролю на ўсіх узроўнях. Як вынік, пастаянна выкрываюцца карупцыйныя схемы і, што абсалютна непрымальна, колькасць іх расце", - абазначыў сутнасць праблемы кіраўнік дзяржавы.
Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры, па выніках 2023 года колькасць такіх злачынстваў вырасла амаль на чвэрць.
Выкрыта карупцыйная схема подкупу службовых асоб прадпрыемстваў прамысловасці за арганізацыю закупак абсталявання ў пэўных камерцыйных арганізацый. Узбуджаны крымінальныя справы ў адносінах да службовых асоб флагмана айчыннай прамысловасці - ААТ "БЕЛАЗ".
"За памылку ніхто не пакарае, але калі ў кішэню кладзяце, даравання не будзе"
Аляксандр Лукашэнка даручыў генеральнаму пракурору ўдзяліць самую пільную ўвагу абазначаным праблемным пытанням.
"І не трэба тут спасылацца на нейкія рызыкі, што ў вас не хапае рызык (размова пра бізнес-рызыкі, на якія кіраўнікам часам даводзіцца ісці ў інтарэсах далейшага развіцця прадпрыемства. - Заўвага БЕЛТА). На гэта ўжо вочы закрываем. Але калі вы ў кішэню кладзяце, і гэта на вачах у тых, хто павінен глядзець і глядзіць, вы не хадзіце і не плачцеся, што тут празмерна кагосьці напружваюць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"За памылку ніхто нікога не пакарае. Вы заўсёды можаце дайсці аж да Прэзідэнта і растлумачыць сваю памылку. Але калі вы крадзеце бессаромна, апускаючы (значна пагаршаючы матэрыяльнае становішча. - Заўвага БЕЛТА) тысячныя працоўныя калектывы і флагманы нашай прамысловасці, даравання тут быць не можа", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
ПЯТАЕ. ЯКАСЦЬ
"Мы павінны выйсці прыкладна на японскі ўзровень якасці"
Аляксандр Лукашэнка назваў забеспячэнне якасці прадукцыі і належнага сэрвіснага абслугоўвання ключавым пытаннем.
"У Год якасці (ды і заўсёды) выпускаемая прадукцыя павінна быць на самым высокім узроўні. І ніяк інакш. Гэта не капрыз, а суровая жыццёвая неабходнасць. Пытанне будучыні краіны і народа. Наша прадукцыя павінна быць якаснай па ўсіх характарыстыках і параметрах", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад, што сёння вельмі складана канкурыраваць па цане з кітайскімі вытворцамі. "Значыць, трэба браць выключнай якасцю прадукцыі і забеспячэннем неабходнага для спажыўца сэрвісу, - адзначыў ён. - Мы павінны выйсці прыблізна на японскі ўзровень якасці. Задача - замацавацца і павялічыць долю рынку. А калі будзем бяздумна гнацца за мінімальнай цаной, страцім не толькі якасць канечнай прадукцыі, але і вытворчасці ўласнай кампанентнай базы".
Кіраўнік дзяржавы назваў недапушчальнымі факты, аб якіх дакладваюць спецыялісты. Асабліва выпадкі, калі новая тэхніка выходзіць са строю яшчэ да пачатку эксплуатацыі. Недахопы выяўлены і ў арганізацыі сэрвіснага абслугоўвання.
ШОСТАЕ. КАДРЫ
"Высакакласны спецыяліст вырашыць любую праблему, невук загубіць справу"
"Усё важна - інвестыцыі, тэхналогіі, дысцыпліна, якасць прадукцыі. Але важней за ўсё - кадры, кадры і яшчэ раз кадры. Высакакласны спецыяліст вырашыць любую праблему, невук загубіць справу. Аднак мы сёння вымушаны гаварыць не пра якасць падрыхтоўкі кадраў, а пра іх павальны дэфіцыт. Асабліва рабочых", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Размова ідзе аб тым, як павысіць матэрыяльную зацікаўленасць рабочых на прадпрыемствах і як іх кіраўніцтва мае намер вырашаць гэту праблему.
Кіраўнік дзяржавы ў гэтым плане звярнуў увагу на нявыкарыстаныя рэзервы. "Можа, ураду настаў час падумаць аб прыцягненні пайшоўшых - тых жа пенсіянераў. Сярод іх ёсць шмат актыўных, жадаючых працаваць людзей. Няхай не рванём на 30 тыс. чалавек, але мы знойдзем некалькі тысяч патрыятычна настроеных людзей, якіх можам паклікаць на вытворчасць. Яны з задавальненнем прыйдуць і будуць працаваць і вялікую карысць прыносіць яшчэ як настаўнікі. Трэба вырашыць, як іх зацікавіць, у тым ліку і матэрыяльна", - сказаў ён.
"Мы павінны падняць прэстыж інжынерных прафесій, інакш усе нашы планы застануцца пустымі паперкамі"
Таксама шмат сказана за апошнія гады аб замацаванні на месцах маладых спецыялістаў.
"Змянілі мы негатыўную тэндэнцыю на гэтым фронце? Відаць, не. Больш таго, эксперты папярэджваюць, што растуць рызыкі страты кампетэнцый у галіне канструявання і распрацоўкі новых відаў прадукцыі. Чаму? Таму што на большасці прадпрыемстваў у аддзелах канструктараў і распрацовак мала маладых спецыялістаў, - канстатаваў Прэзідэнт. - А гэта ўжо пытанне не толькі да Мінпрама, але і да Мінадукацыі. Мала змяніць падыход да падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў рабочых і тэхнічных прафесій. Мы павінны па вопыце савецкага мінулага істотна падняць прэстыж інжынерных прафесій, павысіць статус тых людзей, чыімі рукамі і інтэлектам ствараюцца рэальныя матэрыяльныя каштоўнасці. Інакш усе нашы планы застануцца пустымі паперкамі".
Аляксандр Лукашэнка ўказаў на неабходнасць на справе ўмацаваць звязку ўсіх узроўняў адукацыі - ад школы, ВНУ да прадпрыемства.
Падводзячы вынік свайму ўступнаму слову, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што абазначыў класічныя праблемы, рашэнні якіх неабходна знайсці і рэалізаваць.
"Час сур'ёзны, патрабуе вельмі жорсткай дысцыпліны, самых актыўных дзеянняў ад кожнага", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-