Рэгiёна
Тэматычныя пляцоўкі, яркія шоу, палявы кінатэатр. Як у Александрыі рыхтуюцца да "Купалля"
Традыцыйнае і любімае ўсімі рэспубліканскае свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў") пройдзе 8 ліпеня ў Шклоўскім раёне. Яркая і насычаная праграма будзе здзіўляць гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства цікавымі лакацыямі, тэматычнымі пляцоўкамі, канцэртамі і рознымі актыўнасцямі, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Магілёўскім аблвыканкаме.
Свята стартуе ў 11.00 з работы тэматычных пляцовак, у тым ліку маладзёжных. У першую чаргу гасцям прэзентуюць айчынныя брэнды і прадукцыю, якія размесцяцца на такіх лакацыях, як "Зроблена ў Беларусі", #МерчПершага, "Александрыйская гасціна", "Гандлёвая суполка". Асобная ўвага - пляцоўкам, прысвечаным захаванню гісторыка-культурнай спадчыны. Свае экспазіцыі пад агульнай назвай "Абярэг міру і саюзнага адзінства" тут прадставяць рэгіёны Беларусі і Расіі, а таксама іншых краін. Яны раскажуць пра творчасць майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і асаблівасці самабытнай народнай культуры.
У час свята ў Александрыі пройдзе рэспубліканскі этап сямейнага сельскагаспадарчага праекта "Уладар сяла", конкурс па зборцы картак-пазлаў "Ведаю Беларусь", будуць арганізаваны спартыўная пляцоўка і выстаўка "100 ідэй для Магілёўшчыны". Паклоннікаў кіно запросяць у палявы кінатэатр, а аматарам цыркавога мастацтва прапануюць праграму "Свята цырка" з яркімі шоу і паказамі. У час гулянняў таксама разгарнуцца фотазоны, выстаўкі тэхнікі, кірмашы-продажы сувенірнай прадукцыі і кандытарскіх вырабаў, рамесныя рады, будзе арганізавана работа летніх кафэ. У небе над Александрыяй адбудуцца дэманстрацыйныя палёты самалётаў ДТСААФ з высадкай парашутыстаў.
У Александрыйскай сярэдняй школе адкрыецца экспазіцыя "Малая радзіма", гасцям якой таксама прапануюць наведаць клас, у якім вучыўся кіраўнік дзяржавы, а ў краязнаўчым музеі размесціцца выставачны праект "Ніцей дружбы перавіванні". Таксама ў праграме свята - выступленні творчых калектываў і яркія музычныя падарункі. Адным з іх стане дзіцячая інтэрактыўная шоу-праграма, сярод удзельнікаў якой - юныя таленты Магілёўскай вобласці. Яшчэ адзін сюрпрыз - канцэрт "Віцебск фестывальны" ад творчых калектываў прадстаўнікоў суседняга рэгіёна.
Незабыўныя ўражанні падорыць гледачам канцэрт з удзелам расійскіх і беларускіх эстрадных выканаўцаў "Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі". Папулярныя артысты выканаюць правераныя часам хіты, а таксама новыя песні, якія карыстаюцца не меншай папулярнасцю сярод прыхільнікаў.
"Рэспубліканскае свята "Александрыя збірае сяброў" традыцыйна пройдзе на маляўнічым беразе Дняпра каля моста, што злучае Магілёўскую і Віцебскую вобласці, - адзначылі ў аблвыканкаме. - Штогод мерапрыемства становіцца яркай культурнай падзеяй, прыцягвае шмат гасцей і ўдзельнікаў, а таксама шырока асвятляецца ў СМІ. У розныя гады яно збірала ад 50 да 100 тыс. гледачоў - як беларусаў, так і замежных гасцей. Правядзенне свята стала добрай традыцыяй і будзе прадоўжана ў наступныя гады".-0-