Рэгiёна
Сергяенка аб эфектыўнасці ідэалагічнай работы: важна зацікаўленасць кіраўнікоў прадпрыемстваў
Пытанні эфектыўнасці ідэалагічнай работы ў невялікіх калектывах прадпрыемстваў усіх форм уласнасці абмяркоўваюць сёння ў Асіповіцкім райвыканкаме пры ўдзеле кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як расказаў старшыня Асіповіцкага райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі, у раёне 67 нешматлікіх арганізацый, у іх працуюць ад 15 да 100 чалавек. Гэта прадпрыемствы як дзяржсектара, так і малога бізнесу. Усяго ў іх працуюць амаль 3 тыс. чалавек. "У сучасных умовах, звязаных у тым ліку з няпростай міжнароднай абстаноўкай, пытанне эфектыўнасці ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах становіцца звышважным, таму што ад гэтага залежыць падтрыманне грамадзянамі палітыкі дзяржавы", - падкрэсліў ён.
Галоўная задача такіх пасяджэнняў - не справаздачы аб праведзенай рабоце, а абмеркаванне праблемных пытанняў, перспектыў іх вырашэння, звярнуў увагу Ігар Сергяенка.
Як адзначыла намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама Ганна Землянухіна, пытанням ідэалагічнай работы ў раёне ўдзяляецца асаблівая ўвага. Адзінства падыходаў і сістэмы тут - асноўная задача, над якой неабходна працаваць як у буйных дзяржаўных прадпрыемствах, так і на малых вытворчасцях прыватнага бізнесу.
"Для паляпшэння гэтай работы неабходна часцей сустракацца з людзьмі, атрымліваць ад іх зваротную сувязь. Неабходна нарошчваць работу з грамадскімі аб'яднаннямі, прафсаюзамі, моладдзю. У тым ліку актыўней прыцягваць моладзь, якая не ў шэрагах ГА "БРСМ". Бо калі праходзіць акцыя, гэта не значыць, што яна толькі для тых, хто ўключаны ў грамадскае аб'яднанне. Замацаванне маладых спецыялістаў - яшчэ адно пытане, якое стаіць перад намі, кіраўніцтвам як дзяржаўных, так і прыватных прадпрыемстваў, - звярнула ўвагу яна. - Актуальнасць абмяркоўваемай сёння тэмы павінна быць зразумелая ўсім. Яна абумоўлена і геапалітычнымі выклікамі, адкрытай інфармацыйнай вайной, накіраванай на разбурэнне грамадскай згоды, падрыў духоўных і маральных асноў нашага грамадства, расхістванне дзяржаўнага ладу. І новыя выклікі патрабуюць новых падыходаў у арганізацыі ідэалагічнай работы, кансалідацыі грамадства і забеспячэнні народнага адзінства. Гэта галоўная задача, якую ставіць перад сабой ідэалагічная вертыкаль. Таму тут мае вялікае значэнне комплексны падыход, узмацненне практычнай накіраванасці, канкрэтызацыя задач, што стаяць перад калектывамі".
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што ў пытаннях ідэалагічнай работы павінен быць зацікаўлены і кіраўнік прадпрыемства. Фармалізму тут не павінна быць, важна разумець, навошта гэта робіцца. "Гэта індывідуальная работа. Кадраў гэта таксама датычыцца. Калі кіраўнік сам не займаецца падрыхтоўкай і выхаваннем кадраў для будучага свайго ж прадпрыемства, дзяржаўнай або прыватнай формы ўласнасці, ніхто не прыйдзе і не зробіць гэта за яго, ніхто не замацуе людзей на месцах", - адзначыў ён.
Перад тым, як пачаць абмеркаванне, у фае выканкама кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта азнаёміўся з выстаўкай-прэзентацыяй прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама з выставачнымі блокамі маладзёжных аб'яднанняў, музея і школьнага ваенна-патрыятычнага клуба "Гарнізон".-0-