Рэгiёна
Інтэрактыўная выстава "Чараўніцтва навагодняй казкі" адкрыецца ў Магілёве
Інтэрактыўная выстава "Чараўніцтва навагодняй казкі" адкрыецца 21 снежня ў Магілёве. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва.
"Незвычайная навагодняя экспазіцыя стала вынікам творчай кааперацыі Музея гісторыі Магілёва, а таксама абласных лялечнага і драматычнага тэатраў, - адзначылі ва ўстанове культуры. - Праграма выставы разлічана на сямейны адпачынак і будзе цікавая як дзецям, так і дарослым. Кожны наведвальнік акунецца ў атмасферу казкі, навагодняга цуду і любімага ўсімі свята, а таксама атрымае зарад станоўчых эмоцый. Дарэчы, такое мерапрыемства мы праводзім упершыню. Спадзяёмся, незвычайны фармат спадабаецца ўсім нашым гасцям".
На працягу дзесяці дзён, аж да 31 снежня, у выставачнай зале арганізуюць некалькі цікавых заняткаў. Так, акцёры будуць чытаць навагоднія казкі, дэманстраваць лялькі і тэатральны рэквізіт, майстры і ўмельцы правядуць серыю майстар-класаў па тэмах "Самая арыгінальная ёлка", "Крэатыўны валёнак", "Гламурныя рукавіцы" і "Ёлачная цацка", музейныя работнікі падрыхтавалі тэматычныя заняткі "Навагодняе падарожжа". Акрамя таго, магіляўчан і гасцей горада чакаюць віктарыны, гульні і загадкі, для аматараў сэлфі будзе арганізавана святочная фотазона.-0-